ТРАПАСФЕ́РНАЯ РАДЫЁСУ́ВЯЗЬ,

далёкая радыёсувязь, якая грунтуецца на пасіўным адбіцці радыёхваль неаднастайнасцямі трапасферы. Ажыццяўляецца ў дыяпазонах дэцыметровых і сантыметровых хваль.

Перавыпрамяненне эл.-магн. энергіі ў трапасферы, абумоўленае неаднастайнасцю яе дыэлектрычнай пранікальнасці, адбываецца ў вобласці перасячэння дыяграм накіраванасці перадавальнай і прыёмнай антэн. Для забеспячэння ўстойлівасці Т.р. адлегласці паміж пунктамі перадачы і прыёму абмяжоўваюць 500 км і выкарыстоўваюць перадатчыкі з вял. выхадной магутнасцю (да 10 кВт і больш), высокаадчувальныя прыёмнікі, антэны вял. памераў, а таксама спец. метады для змяншэння ўплыву заміранняў сігналаў. З развіццём спадарожнікавай радыёсувязі Т.р. страчвае сваё значэнне.

Э.​Б.​Ліпковіч.

т. 15, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)